Главная  >  Новости  >  Новости региона
23.08.2017
У сельгасарганізацыях Слуцкага раёна завяршылі жніво

У сельгасарганізацыях падводзяць вынікі. Падчас уборачнай кампаніі ўсе працавалі добрасумленна, бо разумелі важнасць пастаўленых перад імі задач. Камбайнеры бераглі кожны каласок, кожнае зярнятка. На славу выдаўся і ўраджай у раёне – 165 428 тон зерня – лепшы паказчык у Мінскай вобласці і другі ў краіне.
Усяго ва ўборачнай кампаніі прынялі ўдзел 144 камбайнавыя экіпажы (у тым ліку 31 маладзёжны экіпаж) і 157 вадзіцеляў (24).

Напрыканцы мінулага тыдня камбайнавы экіпаж саўгаса «Рачкавічы» – Аляксандр Аляксандравіч і Уладзімір Аляксандравіч Анціпцавы – першым у вобласці намалаціў больш за тры тысячы тон зерня. З працоўнай перамогай іх павіншавалі першы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Мікалаевіч Макар і старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. Яны падзякавалі братам Анціпцавым за зладжаную работу, уручылі падзячныя пісьмы і падарункі. Творчы калектыў Вясейскага сельскага дома культуры падмацаваў узнёслы настрой добрымі песнямі.

Ігар Мікалаевіч Макар расказаў аб ходзе жніва ў Мінскай вобласці і адзначыў, што палявыя работы вядуцца комплексна, уборачная кампанія ідзе намечанымі тэмпамі. Гаспадаркі, якія завяршылі жніво, дапамагаюць суседнім або едуць у іншыя раёны. Працаўнікі сельгасарганізацый Слуцкага раёна дапамагалі ўбіраць збожжавыя і зернебабовыя культуры гаспадаркам Вілейскага раёна. Актыўна ідзе ўборка зерня на прысядзібных участках вясковых жыхароў.

У панядзелак пераўзышлі трохтысячны намалот Міхаіл Міхайлавіч і Андрэй Міхайлавіч Фандзюхіны – камбайнавы экіпаж саўгаса «Рачкавічы». Дарэчы, Анціпцавы і Фандзюхіны дапамагалі на жніве ААТ «Вясейскі Пакроў».

*  *  *

Механізатар адкрытага акцыянернага таварыства «Вясейскі Пакроў» Андрэй Мікалаевіч Коршак штодзень заняты на прасаванні саломы. Ён працуе ў гаспадарцы шосты год. Некалі з бацькам ездзіў у кабіне трактара, а цяпер і сам паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Дырэктар сельгасарганізацыі Людміла Аляксееўна Савановіч адзначыла, што Андрэй Мікалаевіч адказна ставіцца да даручанай справы, мэтанакіраваны, старанны працаўнік. За дзень механізатар прасуе амаль па 400 рулонаў саломы.

– Працуем з самага ранку і пакуль не сцямнее, неабходна ж вызваляць палеткі ад саломы і рахтаваць глебу да сяўбы, – гаворыць А.М. Коршак. – Галоўнае, каб надвор'е садзейнічала, а за намі справа не стане.

*  *  *

У гаспадарках раёна актыўна рыхтуюць глебу пад сяўбу азімых збожжавых культур. У шэрагу сельгасарганізацый ворыва глебы арганізавана кругласутачна (СГФ сыркамбіната, ААТ «Падлессе-2003», «Ісерна», «Вясейскі Пакроў», ПСГ ААТ «Слуцкі Аграсэрвіс», «Сорагі-Агра», ПСГ мясакамбіната). Азімы рапс пасеяны на плошчы 5 177 гектараў (52% да запланаванага).

© Слуцкий районный исполнительный комитет, 2008
Разработка БЕЛТА
Поддержка УП «Минская волна»
Rating All.BY